korableff » 31.05.2007, 11:25
Беларусы спажываюць у тры разы больш бульбы, чым еўрапейцы. Можа, менавіта праз гэта Беларусь дагэтуль не ў Еўропе? Бульба правакуе ў беларусах млявасць, апатыю, наіўнасць, легкавернасць і нават спрыяе развіццю крэтынізму. Гэта таму, што бульбаедства пагаршае эфект бяз’ёдавасці, мяркуюць беларускія навукоўцы.
Менавіта шматгадовае харчаванне бульбай спараджае памяркоўнасць, якая лічыцца ледзь не візітоўкай нашага нацыянальнага характару. Трапнай тэорыяй захапляецца пісьменнік і публіцыст Алесь Пашкевіч:
Алесь Пашкевіч: “Выходзіць наступная карціна: з пакалення ў пакалення мазгі беларусаў “закрухмальваюцца”. Ёсць яшчэ такі духоўна-маральны аспект: бульба разбэшчвае беларусаў”.
Тэорыя “закрухмальвання” мазгоў - не проста прыгожая метафара. Ларыса Барысевіч, дыетолаг фітнес-цэнтра “Багіра”, заўважыла пэўную запаволенасць у рухах людзей, якія злоўжываюць бульбай.
Ларыса Барысевіч: “Крухмал спрыяе выдзяленню слізі ў арганізме. Вядома, гэта правакуе млявасць! Калі шмат слізі, гэта не ўзбуджае, а наадварот, супакойвае арганізм. Па ўсходняй тэорыі там ідзе “пахта” - яна спрыяе супакаенню”.
Ларыса Леанідаўна сцвярджае, што есці бульбу могуць дазволіць сабе толькі тыя людзі, якія шмат працуюць фізічна. Іначай - бывай, талія! У дыеты бульба ўвогуле не ўваходзіць, а есці яе рэкамендуецца як самастойную страву, але ні ў якім разе не ў якасці гарніру.
Ларыса Барысевіч: “Гэтыя ўсе дранікі - гэта ўвогуле тэрмаядзерная страва для фігуры. Хаця печаная бульба ўтрымлівае шмат калію. Яна рэкамендаваная для падтрымкі сардэчна-сасудзістай сістэмы, добра ідзе пры арытміі. А бульбяны сок добра п’ецца пры захворваннях страўніка. Ізноў жа эфект слізі: ён убірае пякотку, паніжае кіслотнасць”.
Бульба прыжывалася на Беларусі марудна: нездарма ў народзе яе называлі чортавым яблыкам. Але ў ХХ стагоддзі “ідэал піянераў” шмат што замяніў беларусам: бульбе быў нададзены афіцыйны статус “другога хлеба”.
Па словах рэдактара газеты “Гастроном” Ігара Данілава, новыя рэцэпты страў з бульбы трапляюць ледзь не ў кожны нумар выдання. Тутэйшыя выжывалі на другім хлебе з пакалення ў пакаленне.
Алесь Пашкевіч: “Паслабляецца эфект выжывання. Калі б у беларусаў адабраць гэты прадукт, падключыўся б нейкі іншы - генны ці псіхіка-фізічны цымус. Я не сцвярджаю, што яны вырошчвалі б ананасы, але падключыліся б нейкія іншыя, дабульбавыя складнікі”.
Пазіцыі другога хлеба ў нашай краіне вельмі трывалыя: у дзяржаўным рэестры сартоў раслін зарэгістраваныя 72 розныя гатункі бульбы. Іван Калядка, кіраўнік лабараторыі селекцыі бульбы беларускага Інстытута бульбаводства, падлічыў, колькі бульбы спажывае за год сярэдні беларус.
Іван Калядка: “На харчаванне сыходзіць недзе 150 - 160 кілаграмаў. На Захадзе гэта недзе 50 - 60, нават 40 кілаграм”.
У чэрвені Іван Іванавіч рэкамендуе слухачам “Еўрапейскага радыё” скараціць ужыванне бульбы. Гародніна, што захоўваецца з мінулага года, ужо старая, а маладая бульба, прывезеная з Галандыі і Ізраіля саступае ў якасці беларускай, што з’явіцца прыкладна праз месяц.
Іван Калядка: “Галандская бульба таксама атрымана не ў Галандыі. Яна вырошчвалася ў Марока. Па якасці яна значна саступае: утрымлівае менш сухога рэчыва, менш крухмалу. Увогуле яна вадзяністая”.
Бульбу лепш за ўсё замяшчаць іншай гароднінай, рыбай і садавіной - менавіта гэтыя прадукты “чортаў яблык” выбіў з нашага рацыёну.
Што ж датычыцца незаўважнай вайны, якую бульба вядзе супраць беларусаў, дык Іван Калядка ў яе не верыць. Аднак Алесь Пашкевіч упэўнены, што гэта тлумачыцца не толькі досведам навукоўцы. Прызнаць, што бульбаедства шкодзіць здароўю беларусаў - фактычна значыць канстатаваць неабходнасць рэфармавання сельскай гаспадаркі краіны. А гэта ўжо не проста прыгожыя тэорыі.
Мікалай Карняйчук
Еўрапейскае радыё для Беларусі
Пішу тут толькі на роднай мове !
Далучайцеся !