Войска з туману.
Уладзімір Халіп
Яны прыходзяць. Кожную восень. З халоднай імжы, з туманоў. У зношаных шынялях, у сялянскіх шэрых світках. З цяжкімі вінтоўкамі за плячыма. Моўчкі стаяць. Чагосьці чакаюць. І, не дачакаўшыся, сыходзяць зноў у змрок. Войска, якое не зведала хмелю вялікай перамогі. І пашаны ўдзячнай Айчыны. Слуцкія ваяры. Героі забытай вайны.
Мясціны тых падзей у мінулую суботу наведалі мінчукі. Прынеслі кветкі, бел-чырвона-белыя сцягі. І сваю бязмежную удзячнасць. Сабралася людзей недзе каля сотні. Ні ў хвіліны маўчання, ні падчас малітваў каля памятных крыжоў колькасць іх не ўзрастала. Сённяшнія насельнікі тэрыторыі збройнага чыну паводзілі сябе з панылай абыякавасцю. Тыя, што ў міліцэйскай уніформе, збіўшыся ў купкі, насцярожана чакалі тэлефонных воклічаў з каманднай вышыні. Людзі простыя спяшаліся прайсці міма. Пра тое, што паўстанцаў слуцкіх трэба сцерагчыся, каб не патрапіць у падазроныя, добра ведалі яны з часоў савецкіх. Непасрэдных жа кантактаў з вяскоўцамі надарылася ажно тры.
У Грозаве, дзе мінакам, ўражаным заняпадам дзівоснага палаца Мержаеўскіх, мажны пенсіянер дасведчана зазначыў, што палац “марально састарэл”. У мястэчку Семежава кіраўнічага выгляду кабеты ўважліва назіралі за нечаканымі гасцямі, якія сабраліся чамусьці ля крыжа. Здавалася ўжо, што звычайная цікавасць возьме верх, і далучацца яны да грамады. Але, на вялікі жаль, заўважылі кабеты, што могуць знянацку патрапіць ў поле зроку чужога фотаапарата, і імкліва падаліся прэч. Ды яшчэ ў мястэчку Вызна, або па-сучаснаму ў “Красной Слободе”, нейкі вялізны чалавек у камуфляжы, праязджаючы міма на рыпучым ровары, крыкнуў голасам роднага тэлевізара: “Няплоха заплаціла вам Амерыка!”
І гэта – ўсё.
Вызна ўвогуле дзіўная мясціна. Там крыжа, усталяванага яшчэ ў дзевяностых, ужо няма. Ён стаяў навідавоку новарасійскай “мураўёўкі”. І тамтэйшы пастыр падбухторыў сваіх паслухмяных авечак знесці непажаданы знак. Што і было здзейснена з маўклівай згоды мясцовага начальства. Застаўся амаль непрыктметны пагорачак.
Айцец Леанід Акаловіч, святар беларускай аўтакефальнай царквы, асвяціў тую злую зямлю. Жанчыны паклалі кветкі. Мужчыны схілілі сцягі. Даруйце, паўстанцы! Пакуль гэта ўсё, чым можа аддзячыць вас Беларусь.
А дзень быў восеньскі, ціхі. З самага ранку лёг у тым краі туман. Размыў абрысы сялянскіх хат і голле высокіх дрэў. З імжы спрабавала прабіцца халоднае сонца. І ў гэтым хісткім святле гублялі пэўнасць дарогі і сцежкі. Нібы самой прыродай быў загаддзя падрыхтаваны той самы дзень.
Але яны не прыйшлі. Не ўзніклі ў белым тумане цені далёкіх шыхтоў. Не пачуліся іх нячутныя крокі. Там яны да нас не прыйшлі.
Можа таму, што ўжо 27 лістапада ім наканавана было ў тых халодных палях прыняць першы бой. Пра гэта змаганне з навалай з усходу гісторыкі потым напішуць. З усёй дакладнасцю, якая толькі магчыма пасля сямі дзесяцігоддзяў маўчання. Яны скарыстаюць усе факты, усе знойдзеныя дакументы. І кожнаму, хто пажадае, ужо не цяжка будзе даведацца і пра мужны крок Рады Случчыны, якая 14 лістапада 1920 года звярнулася да народа з заклікам бараніць ад нашэсця краіну. І таксама пра тое, як адгукнуліся людзі на гэты заклік. Як за некалькі дзён былі створаны два палкі Першай Слуцкай брыгады. Як яны прынялі прысягу і сталі першым войскам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гісторыкі, як і належыць навукоўцам, дакладна абгрунтуюць прадвызначаную немагчымасць перамогі дванаццаці тысяч кепска ўзброеных ваяроў над лепшымі дывізіямі Чырвонай Арміі, кінутымі супраць случакоў.
Так, сапраўды, па некалькі разоў у цяжкіх баях пераходзіла з рук у рукі Семежава. І наступалі імкліва ўздоўж Слуцкай шашы паўстанцы, але пад націскам новага бальшавіцкага войска адыходзілі зноў. А праз паўтара месяцы, панесшы найцяжэйшыя страты, абодва палкі перайшлі раку Лань. А той бераг яе быў тады польскім.
Бальшавікі зруйнавалі магілы герояў. Вецер рэпрэсій вынішчыў памяць аб іх.
Перабіраючы халодны попел часу, няўжо мы і не зразумеем, што Слуцкі збройны чын – сапраўдны дыямент нашай надзеі. Высокі подзвіг ваяроў дзеля Бацькаўшчыны. Перамога над роспаччу і адчаем.
Так, навалу з усходу амаль бяззбройнаму войску адолець было немагчыма. Яны гэта ведалі не горш за нас. Але і скарыцца перад чырвонай навалай было нельга. І гэта яны ведалі лепш за нас.
І таму паўсталі. І абудзілі рэха. Якое не згасне ніколі. І рана ці позна абудзіць гэты маўклівы край. Подзвіг дзеля Бацькаўшчыны марным быць не можа. Бо нават у гэткай краіне, як наша, у самыя змрочныя моманты знойдуцца людзі, якія аклікнуць адзін аднаго. І стануць на апошняй мяжы. І выратуюць гонар нацыі. А таму з імжы і туману будуць прыходзіць да нас слуцкія ваяры. Да кожнага паасобку. Да таго часу, пакуль не зразумеем, што трэба аклікнуць адзін аднаго. І выйсці аднойчы разам.
…Дзе вуліца Слуцкіх Паўстанцаў, панове?
Яна тут, недзе побач. Ад плошчы Каліноўскага зусім недалёка.