Сядзеў я ў адзіночнай камеры, так вырашылі ўжо на месцы, ігнаруючы намеры маіх камандзіраў. Каб меней праблемаў. Якія тут могуць быць праблемы, калі чалавек суткамі знаходзіцца у памяшканні плошчаю 3 кв.м і бачыць людзей тры‑чатыры разы на дзень: калі ходзіш у туалет, падчас «шмону» пры змене нараду і вываду на паўгадзінны шпацыр.
Схадзіць у туалет — 2‑3 хвіліны, можа і меней. Залежыць ад канваіра і яго настрою. За гэты час трэба паспець пагаліцца, пачысціць зубы і справіць патрэбы. «Адзіночкам» прасцей, ты амаль увесь гэты лімітаваны час адзін у памяшканні прыбіральні адзін. Арыштантам з агульных камераў ставіцца тая задача, толькі на дзве ўмывальні пяць‑шэсць чалавек.
Паказваць канкрэтныя пастановы з нормамі, якія рэгулююць распарадак дня, не хочуць.
Адзіная пастанова — выконваць загады. А тут прастора для фантазіі вялікая.
У камеры стул, прыбіты да падлогі, столік, адкідныя нары і «кармушка» — туды падаюць ежу. Кормяць па вайсковых мерках няблага, але якасць прыгатавання ўсё‑ткі горшая ў параўнанні з часткаю.
Зрэшты, не галодны, бо «адзіночкі» да працаў не прыцягваюцца. Толькі раз на суткі прыбіраецца камера. Астатнім салдатам складаней — час для абеду ці вячэры абмяжоўваецца, па тых жа прынцыпах, як і падчас наведвання туалету.
У камеры дазваляецца сядзець і стаяць, роўна і каб былі бачныя твар і рукі. Правярае вартаўнік, які на працягу сутак кожныя паўтары хвіліны заглядае ў камеру.
Забаронена ўсё, апроч чытання вайсковых статутаў. Ды і тых не чатыры кніжкі, а некалькі старонак.
Асвятленне штучнае. Вызначыць колькі часу немагчыма. Стала ўключаны дзве лямпачкі, у тым ліку ноччу. Гадзіннікі мець не дазваляецца.
Асноўная цяжкасць — абмежаванне не толькі фізічнай свабоды, але і поўная адсутнасць магчымасцяў для задавальнення пэўных духоўных патрэбаў: чытаць, пісаць і атрымоўваць лісты, кантактаваць з блізкімі, для вернікаў вывучаць Святое Пісанне. Нават паліць забаронена.
Найбольш частыя выразы пра «губу» — «яна зараз ня тая» ды і «што за салдат, які не сядзеў». Толькі ці ўсе з іх сядзелі. Няма там падставаў для гонару. Спужаныя твары, жывёльныя інстынкты і статак ёсць, я сам і быў яго часткаю.
http://nn.by/index.php?c=ar&i=27700