Karniej Dziki » 23.08.2010, 20:13
Пост-бадабум сіндром.
Прачнуўшыся са зьнямелай шыяй і з узкудлачанымі валасамі, Штырліц падумаў: "Фэст атрымаўся".
Насамрэч, уражаньняў ад канцэрту засталося шмат, добрых і ня вельмі, але з упэўненасьцю можна казаць, што на маёй памяці фэстаў такога ўзроўню ў Слуцку не было.
Спачатку аб прыемным.
Першы гурт "Рыверстоўн" (Riverstone), адчыняўшы праграму, прадставіў слухачам вельмі якасны, олдавы рок-н-рол i пацьвердзіў абяцаньні арганізатараў наконт добрага гуку. Ужо зь першых акордаў можна было б пусьціцца ў скокі, але, нажаль людзі стаялі як закапаныя і, не зважаючы на сьпёку, не былі дастаткова разагрэтыя.
Далей пачалі наладжваць інструмэнты дзяўчынкі, якіх я вельмі люблю і заўжды чакаю, як дзіця цукерак. "У пошуку жыцьця" (Searching For Life) адыгралі сумленна, яскрава, ды й выглядалі эфэктна, як заўжды - сукеначкі, малюначкі на целе, ну дзе яшчэ вы знойдзеце такую прыгажосьць? Новую песьню "Pipes" я ўжо ведаў і цяпер пачуў жыўцом. Шкада, што ў новым рэпертуары СФЛ зараз усяго толькі 4 песьні, мне падалося гэтага замала. Сонца падчас выступу пякло й ніхто асабліва ня чадзеў ад музыкі, толькі я ў кампаніі колькіх прыхільнікаў "Сэктару Газу" пахістаў хайрам. СФЛ - фарэва!
Трэцімі выйшлі беларускамоўныя беларусы з песьнямі на беларускай мове. Я не перабольшыў зь беларускасьцю, бо такая зьява, нажаль рэдкасьць у беларускай рэчаіснасьці. "Тэрмін Ікс" (Termin X) выступілі годна, моцна, па-беларуску, падцягнуўшы бліжэй да сцэны зграйку ашалелых "нефараў", прымусіўшы уважліва лавіць беларускіе словы астатніх слухачоў ды нават прысьвяціўшы песьню галёкаўшым дзесьці на галёрцы скейтбардыстам, а таксама выканаўшы на беларускай мове кавэр на брытанскі гурт "Аэйзіс" (Oasis).
Я чакаў на Бэдлам № 444, але так і не пачуў тых галоўных радкоў зь іх аднайменнай песьні: "Бедлам - в моей голове и квартире, бедлам - № 444", за тое актуальнымі сталі другія радкі: "Я властелин полей, у меня в кармане ключи от "Жигулей". Зрэшты, ня вельмі я пранікнуўся песьнямі магілеўскага гурту. Чамусьці мне падалося, што хлопцы ня тое стаміліся, ня тое былі незадаволеныя ўмовамі, ня тое насамрэч сьпяшаліся на футбол.
Далей перапынак. Пад час яго мясцовыя бі-боі выцягнулі перад сцэнай кавалак ленолеюму й пад адпаведную музыку распачалі свае брэйкерскія разборкі. Доўга сумаваць не давялося й прыблізна праз паўгадзіны усе сустракалі "Дзетак Агуціна". Хлопчыкі выбеглі на сцэну ў капелюшах, з-пад якіх хісталіся кудлатыя бляндыністыя пасмы парыкоў і задалі сапраўдны хаатычны пост-кіркор з элементамі шуфуцінізьму й устаўкамі маршрутка-мьюзык) Цяжка нешта сказаць наконт іхнягу выступу, апроч таго, што Agutin's Kids зь Юрам (Дземідовічам) ды Ірай (Дарафеевай) аказалісь усё ж лепшым складам гурту, бо іхнія песьні-крыкі неяк акрэсьлілі стылістыку ў адрозьненьні ад першых кампазыцый, выкананых вакалёрам з Салігорску.
І вось на сцэну выходзяць хлопцы з іракезамі, а гэта значыць, што зараз весьці рэй будзе панк-рок. Наладзіўшы гук з падтрымкай нецьвярозага культавага персанажу Фамы, вядомага слуцакам па гурту "Образ Жизни", які зачытаў свой іправіз пра каханьне да нейкай Вольгі, "Пульс" (The Pulse) выдалі мацнейшы драйв. Тут ужо я забыўся на нейкі сорам ды пусьціўся адпякаць, скакаць як козьлік пад бадзёрыя панкаўскія акорды. У вушах зьвінеў дісторшан, ногі ўжо ня слухаліся, галава йшла кругам, але гурт усё граў і дзякуй ім за гэта. Пад час гэтага выступу я ўжо зразумеў, што шоў усё ж атрымалася, але чакаў я на наступных выканаўцаў.
"Асьпірынавая ружа" (Aspirin Rose). Гэты гурт я ўпершыню пачуў на сайце укантакце можа за месяц да канцэрту і зразумей, што пад гэтую музыку я абавязкова адарвуся, тое ж самае датычылась і гурту "Крос Эйрлайнз" (Cross Airlines), бо вынас мозгу мне быў патрэбны каб забыцца на абрыдлыя працоўныя будні. Нарэшце, ля сцэны, апроч "каралёў ды шутоў", зьявілісь побач са мною прыхільнікі пост-хардкору. І пачалося. Я ня памятаю ўвогуле, што адбывалася, толькі шалёны нойз у маіх вушах ды ногі, рукі, галовы фанатаў. Гэтага мне было дастаткова. Стомлены, але шчасьлівы, я папоўз да дзяўчынак з СФЛ)
Выступ апошняга гурту я ня змог зацэніць, бо шыя ўжо не варочалась. Але сыходзячы з пачутага, безумоўна, тое была кульмінацыя, што там напрыканцы рабілася дык гэта ўвогуле нельга апісаць, усё зьмяшалася - людзі, коні)
Канцэрт скончыўся і чакалася HeadShot-Promo шоў ад MC Гурбо & DJ Vert з Салігорску. Аднак усе людзі паразыходзіліся, а павылазіла колькі дзецюкоў на падпітку, гукаўшых "давай мятал"! Разам зь імі танчыць ня надта было ахвотна. Трэба дзякаваць хлопцам на сцэне, яны аддалі ўсю сваю энэргію, не зважаючы на колькасьць аўдыторыі, выступалі так, нібыта перад імі стадыён, малайцы. Усё ж патанчыць атрымалася, бо пад канец запусьцілі дзесятак чалавек з парку, ды й СФЛ-дзяўчынкі апынуліся дарэчы, стала весялей. А калі я пачуў знаёмыя брэйкбіты "Продыджы", дык проста звар'яцеў.
Асабіста для мяне гэты фэст стаў адным з самых яскравых уражаньняў лета.
Наконт недахопаў адразу скажу, што яны не зьвязаныя з арганізатарамі канцэрту, а хутчэй тычацца аўдыторыі. Мяне не пакідаюць думкі, што можа слуцакі не гатовыя да мерапрыемстваў такога ўзроўню? Тут справа нават ня ў колькасьці народу, а ў паводзінах. Чамусьці занадта шмат было назіральнікаў, нейкіх пасыўных, млявых слухачоў. Апроч "нефармальных" падлеткаў ды п'яных дэбашыраў, так мала было шчырага адрыву. Нібы людзі засаромяліся танчыць ды скакаць пры сьвятле і на адкрытай пляцоўцы. Проста музыка спрыяла адваротнаму, то бок драйву, а большасьць вырашыла проста слухаць. І за амаль пустую танц-пляцоўку пад час апошняга шоў таксама сорамна.
Цяпер нават і ня ведаю ці патрэбныя такія фэстывалі ў нашым гарадку? Мне адназначна патрэбныя, а яшчэ каму?
А той ня наш, то бок нярускі
Ён год нідзе не працаваў,
Бо мех гарэлкі ды закускі
Сам Буш з Амэрыкі даслаў!